Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт

Ганцавіцкі раённы выканаўчы камітэт
burger
Галоўная // Навіны

Выставу аб Брэсцкай крэспасці і лёсе яе абаронцаў прадставілі ў славенскім Марыбары

15/09/2026 16:52

15 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Выставу аб гісторыі Брэсцкай крэпасці "Незламаныя лёсам" прадэманстравалі ў славенскім Марыбары. Яе ўбачылі наведвальнікі Міжнароднага даследчага цэнтра Другой Сусветнай вайны, які размешчаны на месцы былога нацысцкага лагера ваеннапалонных "Шталаг XVIII D". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць-герой".

Навуковыя супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу да гэтага часу займаюцца даследаваннем лёсу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікаў баёў у Брэсце, вязняў фашысцкіх лагераў. "Калі паступіла прапанова аб стварэнні выставы, мы пачалі шукаць матэрыялы. Знайшлі некалькі чалавек, якія былі ў лагеры ў Марыбары. Вырашылі пашырыць межы выставы і некалькі планшэтаў падрыхтавалі аб гісторыі Брэсцкай крэпасці праз розныя гістарычныя падзеі. Далей ішоў акцэнт на тых людзях, якія трапілі ў палон", - расказалі спецыялісты.

У аснову выставы пакладзены матэрыялы з фондаў "Брэсцкай крэпасці-герой". На 39 планшэтах былі размешчаны копіі дакументаў і фатаграфій, якія расказвалі пра гісторыю легендарнай цытадэлі над Бугам, яе абарону ў чэрвені-ліпені 1941 года, пра лёсы абаронцаў крэпасці, якія трапілі ў фашысцкі палон. Вязнямі лагера ў Марыбары Андрэю Чубараву і Уладзіміру Сашчыхіну ўдалося ўцячы і далучыцца да ўдзельнікаў руху супраціўлення на тэрыторыі Югаславіі. З Марыбара ўцёк і Ілья Бяспалаў, які стаў удзельнікам партызанскага руху на тэрыторыі сучаснай Славеніі і загінуў у 1944 годзе.

"На выставе мы паказалі супраціўленне ў палоне. Бралі матэрыялы, якія праз лёсы абаронцаў Брэсцкай крэпасці расказвалі, як людзі змагаліся, уцякалі, удзельнічалі ў руху супраціўлення, удзельнічалі ў паўстанні ў канцлагеры Бухенвальд", - дадалі ў мемарыяльным комплексе. Выстава выклікала інтарэс у наведвальнікаў. Яны задавалі пытанні аб лёсе абаронцаў і іх сем'яў, аб гісторыі Брэсцкай крэпасці.

"Гэта першы выставачны праект мемарыяльнага комплексу ў Славеніі, і гэта вялікі крок ва ўмацаванні культурных сувязей паміж нашымі краінамі. Такія праекты важны для абароны гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне", - падкрэслілі ў МК "Брэсцкая крэпасць-герой".-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі