Клопат аб сіратах і дзецях, пакінутых без апекі бацькоў, — адзін з важных накірункаў сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У кожнага павінна быць сям’я. А практыка прыёмных і замяшчальных сем’яў, дамоў сямейнага тыпу і, безумоўна, усынаўлення ці ўдачарэння павінна паступова замяніць сістэму дзіцячых дамоў, дзе аб сямейнай цеплыні і любові выхаванцам застаецца толькі марыць. Але бывае, што, трапіўшы ў новую сям’ю, іншы раз дзецям лепш вярнуцца назад у інтэрнат. Так атрымалася ў выпадку з дзіцячым домам сямейнага тыпу аграгарадка Агарэвічы.
Надзея Ерназарава стала выхавальнікам гэтага дома ў 2014 годзе і пад яе апекай знаходзілася 5 дзяцей. З двума дзяўчынкамі (на сённяшні час ім па 14 і 17 гадоў) у яе і ўзніклі праблемы, а спосаб іх вырашэння стаў прычынай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да жанчыны. Па сутнасці, як адлюстравана ў матэрыялах справы, выхавальнік за правіннасці фізічна карала дзяўчынак. Усяго фігурыруе 4 эпізоды: у трох выпадках па некалькі разоў хвастанула папругай і плашкай для мух, а вось яшчэ ў адным — добра збіла адну з дзяўчынак папругай, аб чым сведчылі шматлікія кровападцёкі на целе.
У судзе Надзея Ерназарава так і не прызнала сваёй віны. Маўляў, не наносіла пабояў — гэта дзяўчынкі прыдумалі. Але факты — рэч упартая. Наяўнасць слядоў пабояў і паказанні саміх пацярпелых немагчыма абвергнуць такім довадам.
Рашэннем суда былы выхавальнік прызнаны вінатавым у наўмысным прычыненні працяглага болю спосабам, які выклікае асаблівыя пакуты пацярпелага, сістэматычным нанясенні пабояў, якія здзейснены ў адносінах да непаўналетняга, які знаходзіцца ў залежным стане. Таксама прызнана вінаватай у злоўжыванні правамі апекуна, што пацягнула за сабою істотнае ўшчамленне правоў і законных інтарэсаў яе падапечных. Мерай пакарання выбрана абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф у памеры 50 базавых велічын ці 1050 рублёў.
Прыгавор не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
Гэта толькі факты, што датычацца маральнага боку справы, безумоўна, работа выхавальніка дома сямейнага тыпу, улічваючы няпросты лёс падапечных, вельмі складаная, але ж і дзяржава стварае ўсе ўмовы, каб чалавек, які вырашыў стаць выхавальнікам, не быў абцяжараны яшчэ і фінансавымі праблемамі. У згаданым выпадку толькі дзяржаўныя выплаты на 5 выхаванцаў і непасрэдна сама зарплата выхавальніка складала больш чым 20 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Акрамя камфартабельнага жылля, выдзеленага дзяржавай, поўнасцю аплочваліся і камунальныя паслугі, прадастаўлялася гуманітарная дапамога і іншая, даволі істотная, падтрымка. Але не ўсё вымяраецца грашыма і, зразумела, што як бы цяжка не было, нельга падымаць руку на дзяцей. Дарэчы, гэта таксама датычыцца не толькі педагогаў і выхавальнікаў, але і саміх бацькоў. На заканчэнне адзначым, што крымінальная справа такога кшталту — адзінкавы выпадак у краіне за апошні час.Дом без любові