Ганцевичский районный исполнительный комитет

Ганцевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Публикации в СМИ

На варце правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржавы

11/02/2016 08:18

Менавіта гэта і ёсць галоўная задача работнікаў пракуратуры, якія ажыццяўляюць нагляд за выкананнем заканадаўства. З нагоды іх прафесійнага свята, якое адзначалася на гэтым тыдні, супрацоўнік “СП” звярнуўся да работнікаў пракуратуры Ганцавіцкага раёна з прапановай расказаць аб сваёй рабоце і сітуацыях, з якімі ім даводзіцца іншы раз сутыкацца.

Сяргей Насеня,

пракурор Ганцавіцкага раёна

— Сярод шматлікіх накірункаў нагляднай дзейнасці, якія размеркаваны паміж супрацоўнікамі пракуратуры, асабліва вызначу работу са зваротамі грамадзян. Да нас звяртаюцца па самых разнастайных пытаннях — ад грэбавання працоўным заканадаўствам наймальнікамі да скаргаў на работнікаў органаў унутраных спраў. У кожным выпадку дэталёва разбіраемся і, калі ёсць падставы, выносім прадпісанні па ўхіленні парушэнняў. Насамрэч, нельга ўспрымаць пракуратуру, як караючы орган. Імкнемся, найперш, пракантраляваць захоўванне заканадаўства і ўхіліць прычыны, якія садзейнічаюць здзяйсненню парушэнняў. Таму наша дзейнасць носіць у першую чаргу прафілактычны характар. Можна прыводзіць шмат прыкладаў з розных сфер, але спынюся на рабоце аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС.

Напрыклад, у пракуратуру звярнуўся грамадзянін, каб абскардзіць прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці. Мужчыну начальнік ДАІ палічыў вінаватым у допуску да дарожнага руху аўтамабіля з парушэннямі Правілаў дарожнага руху. Між іншым, як высветлілася, скаржнік не быў своечасова азнаёмлены з загадам начальніка прадпрыемства дзе працуе, і не можа несці за гэтае правапарушэнне адказнасць. Таму пракуратурай і адменена рашэнне начальніка ДАІ, а сама справа накіравана на новае разбіральніцтва.

Аналагічным чынам склалася сітуацыя і па скарзе другога вадзіцеля. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, але зроблена гэта было са шматлікімі парушэннямі працэсуальна-выканаўчага заканадаўства. Што казаць, калі нават у пратаколах аб адміністрацыйным правапарушэнні адсутнічалі звесткі аб сведках, а да пратакола агляду транспартнага сродку маркі “Фальксваген-Транспарцёр” прыкладзена табліца фотаздымкаў аўтамабіля іншай маркі. Зразумела, што рашэнне начальніка ДАІ адменена і зноў жа справа накіравана на новы разгляд у райаддзел унутраных спраў.

А вось адзін з ганцаўчан атрымаў штраф за тое, што, па версіі супрацоўнікаў ДАІ, парушыў правілы паркоўкі па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры. Калі пачалі разбірацца і нават выехалі на месца, дык сам начальнік ДАІ прызнаў, што мужчына правільна прыпаркаваў аўтамабіль. Таму і на рашэнне службовай асобы быў вынесены пракурорскі пратэст.

Размова менавіта аб строгам захаванні заканадаўства. Толькі пры гэтым магчыма справядлівасць правасуддзя і непазбежнасць пакарання вінаватых…

Вадзім Багатка, намеснік пракурора Ганцавіцкага раёна

— Пастаянна даводзіцца выступаць у адпаведнасці з Законам на судовых пасяджэннях у якасці дзяржаўнага абвінаваўцы. Кожную справу трэба дэталёва вывучыць — ад гэтага залежаць лёсы людзей і тут галоўнае, каб вінаваты панёс справядлівае пакаранне, а невінаватыя не пацярпелі. Разам з гэтым асаблівая ўвага надаецца і адстойванню дзяржаўных інтарэсаў. Усе добра памятаюць дарожна-транспартнае здарэнне ў нашым райцэнтры, калі мужчына перадаў кіраванне аўтамашынай дзяўчыне і тая ўрэзалася на ёй у будынак метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. У выніку пашкоджання самога будынка і маёмасці ўнутры яго дзяржаве былі нанесены страты ў памеры 52 мільёны 576 тысяч 358 рублёў. Пракуратура падрыхтавала іск, у адпаведнасці з якім і па рашэнні суда, адказчык і павінен быў кампенсаваць нанесены ўрон. Дарэчы, што адразу і зрабіў.

Хацелася б засяродзіць увагу адказных работнікаў, што часта бываюць сітуацыі, калі па іх віне на бюджэтныя ці прыроўненыя да іх прадпрыемствы і арганізацыі, дзе яны працуюць, накладваюцца штрафныя санкцыі. Улічваючы, што размова ідзе аб дзяржаўных сродках, дык у адпаведнасці з заканадаўствам, вінаватыя і павінны ў сваю чаргу кампенсаваць страты. Напрыклад, Ганцавіцкай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету праводзілася планавая праверка ДЛГУ “Ганцавіцкі лясгас” па пытаннях захавання патрабаванняў ляснога, паляўнічага заканадаўства і палявання. Былі выяўлены грубыя парушэнні ў вядзенні менавіта паляўнічай гаспадаркі і палявання, а штрафныя санкцыі, накладзеныя на прадпрыемства, перавысілі 16 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы па іску пракуратуры праз суд павінны быць кампенсаваны лясгасу яго адказнымі спецыялістамі, якія і вінаватыя ў дапушчаных парушэннях.

У другім выпадку, з тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў раёна ўкралі электрычны кабель. Адбылося гэта, як устанавіла следства, у выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў вартаўніком арганізацыі. Таму яму і прыйшлося кампенсаваць урон, нанесены злачынцам, а менавіта амаль 800 тысяч рублёў.

Гэта чарговы напамін усім службовым асобам, якія нясуць матэрыяльную адказнасць, — трэба быць асабліва ўважлівымі…

Дзіяна Якубец,

памочнік пракурора Ганцавіцкага раёна

— Многія прывыклі думаць, што пракуратура — караючы орган. Але гэта не так. Мы працуем, у асноўным, на прафілактыку. Адна з самых дзейсных мер прафілактычнага характару — вынясенне прадпісання аб ухіленні парушэнняў заканадаўства. Як правіла, гэта дзейнічае бездакорна, бо калі прадпісанне не выконваецца, прымаюцца адпаведныя меры ў выглядзе штрафных санкцый да вінаватых у парушэннях асоб.

Шмат разнастайных пытанняў якраз узнікае па захаванні працоўнага заканадаўства, і мы ставім задачу ў першую чаргу не пакараць вінаватых, а выправіць парушэнні. На тым жа сумесным прадпрыемстве “Аластрэ” падчас праверкі былі выяўлены факты затрымкі заработнай платы работнікам і нявыплаты людзям належачых грошай пры звальненні. Кіраўніцтву прадпрыемства быў дадзены тэрмін, каб закрыць гэтае пытанне, і яно папярэджана аб недапушчэнні такога грубага парушэння ў далейшым.

Таксама па нявыплаце грошай пры звальненні адзначылася і прыватнае прадпрыемства “Віталексгруп”. Былая работніца прадпрыемства звярнулася ў пракуратуру менавіта з гэтай праблемай. Адказная асоба панесла пакаранне, а жанчына атрымала свае законныя выплаты.

Узнікалі пытанні і па прыватным прадпрыемстве “Супермайк”. Акрамя затрымкі заработнай платы, там узнікалі і іншыя праблемы. У прыватнасці, мелася пратэрмінаваная запазычанасць па плаце страхавых узносаў па абавязковым страхаванні ад няшчасных выпадкаў і прафесійных захворванняў на суму больш за 9 мільёнаў рублёў.

Усе згаданыя прыклады датычацца інтарэсаў працоўных, іх правоў і прамы абавязак супрацоўнікаў пракуратуры абараніць людзей. Тым больш, што інтарэсы дзяржавы і народа непадзельныя…

К списку новостей

Полезные ссылки