Ганцевичский районный исполнительный комитет

Ганцевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Публикации в СМИ

Ад правапарушэння да карупцыі. Дзе мяжа?

11/02/2016 08:19

Усё антыкарупцыйнае заканадаўства накіравана, у першую чаргу, на прадухіленнне злоўжывання сваімі паўнамоцтвамі з боку службовых асоб. Таму для дзяржаўных служачых і кіраўнікоў бюджэтных арганізацый, а таксама прадпрыемстваў, доля дзяржаўнай маёмасці ў якіх 50 і больш працэнтаў, ёсць пэўныя ўмовы работы і абмежаванні. Напрыклад, яны павінны штогод падаваць у падатковыя органы дэкларацыю аб сваіх даходах, не маюць права быць акцыянерамі таго ці іншага прадпрыемства, а таксама не маюць права мець дадатковы заробак, за выключэннем выкладніцкай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі. Таксама пунктам 2 артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” вызначана, што заканадаўчымі актамі могуць быць устаноўлены іншыя абмежаванні, звязаныя з дзяржаўнай службай. Дарэчы, пры прыёме на работу згаданыя вышэй катэгорыі работнікаў у абавязковым парадку азнаямліваюцца пад роспіс з абмежаваннямі, якіх ім неабходна прытрымлівацца. Але як паказвае практыка, не ўсе гэта робяць.

Дадатковы заробак

Пры праверцы дэкларацый дзяржслужачых раёна за 2014 год высветлілася, што адзін з іх прадаставіў не поўныя звесткі аб сваіх даходах, якія належаць абавязковаму дэклараванню. А менавіта, не ўказаў, што летась дадаткова атрымаў заработную плату ў дзяржаўнай установе “Ганцавіцкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб “Здароўе-7” у памеры 12 мільёнаў 616 тысяч 961 рубель, а таксама заробак у 24 мільёны 364 тысячы 318 рублёў, атрыманы ў таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Тапас Плюс”.

Яго дзейнасць у спартыўным клубе яшчэ можна вызначыць як выкладніцкую, хаця, улічваючы пасаду і магчымасць уплыву на дырэктара гэтай установы, тут ужо ўзнікаюць пэўныя сумненні, а вось работа ў будаўнічай фірме “Тапас Плюс” — яскравы факт грэбавання заканадаўствам. Такім чынам, відавочны адразу два правапарушэнні, якія цягнуць за сабою як адміністрацыйную, так і дысцыплінарную адказнасць у выглядзе штрафу і звальнення.

У гэтым выпадку мы вядзем размову не аб самой карупцыі, а аб парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства. Безумоўна, можна гаварыць, што ў большасці дзяржслужачых заработныя платы адносна невялікія і чаму б не даць ім магчымасць дадатковага заробку? Але нельга забываць, што тут узнікае магчымасць злоўжывання сваімі паўнамоцтвамі, а таксама лабіравання інтарэсаў людзей, якія, напрыклад, зацікаўлены ў доступе да бюджэтных сродкаў, выдзяляемых на тыя ці іншыя мэты, і гатовы плаціць за станоўчае вырашэнне пытання.

Дзяржслужачы? Ніякіх акцый!

У непрыемную сітуацыю трапіла і другая адказная асоба. З’яўляючыся дзяржслужачым, яна мела долю ўласнасці, а менавіта 9 акцый ва ўстаўным фондзе ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” і не перадала іх на час работы, у адпаведнасці з заканадаўствам, у давернае кіраванне дзяржаве, а значыць, прымала ўдзел у кіраванні згаданай камерцыйнай арганізацыяй.

Тут нельга гаварыць аб наўмыснам грэбаванні Законам, бо ў канкрэтнай сітуацыі аб нейкім лабіраванні інтарэсаў Баранавіцкага малочага камбіната размовы не ідзе, але ж заканадаўства адзінае для ўсіх. Тым больш, што аб абмежаваннях, звязаных з дзяржаўнай службай, дзяржслужачы азнаямліваўся, як і іншыя, пад роспіс. У выніку службовая асоба  прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці і звольнена з займаемай пасады.

Выратавальнікі таксама
маюць асаблівы статус

Інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ганцавіцкім раёне падчас пазапланавай праверкі быў устаноўлены факт прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі, якую ажыццяўляў супрацоўнік РАНС. А менавіта, ён займаўся вырабам сталярных рэчаў без аплаты адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб. Мужчыне падатковы орган даналічыў адзіны падатак у памеры 5 мільёнаў 150 тысяч рублёў і на гэтым пытанне было б закрыта, калі б не антыкарупцыйнае заканадаўства. У адпаведнасці з Палажэннем аб праходжанні службы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, асобам радавога і малодшага саставу, якія не ажыццяўляюць функцыі дзяржаўнага нагляду і кантролю, хаця і дазваляецца работа па сумяшчальніцтве і выкананні іншых аплачваемых работ, але яна павінна ажыццяўляцца ў свабодны ад службы час і па ўзгадненні з Міністрам ці іншым начальнікам адпаведнай кампетэнцыі, вызначанай Міністрам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. А гэтага якраз і не было зроблена, што пацягнула за сабою дысцыплінарнае спагнанне і датэрміновае скасаванне службовага кантракта.

Злоўжыванне паўнамоцтвамі

Адно і тое ж правапарушэнне здзейснілі адразу два кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, за што і былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. А ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй” павінны панесці і дысцыплінарнае пакаранне.

Як устаноўлена райаддзелам унутраных спраў, адзін з іх у 2013 годзе шляхам падпісання загадаў аб паездках у службовыя камандзіроўкі і складанні авансавых справаздач аб знаходжанні ў іх на тэрмін больш адных сутак, незаконна атрымаў кампенсацыю камандзіровачных расходаў на суму 744 тысячы 950 рублёў. Па сутнасці, аднадзённая паездка афармлялася як камандзіроўка на некалькі сутак. Гэта заканадаўствам трактуецца адназначна — як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

Аналагічнае правапарушэнне здзейсніў другі кіраўнік, які незаконна атрымаў кампенсацыю камандзіровачных расходаў у памеры 120 тысяч рублёў.

Хаця размова ідзе аб невялікіх грашах, ды можна спаслацца і на розныя жыццёвыя сітуацыі, але кожны кіраўнік павінен памятаць, што калі справа датычыцца дзяржаўных сродкаў, то іх расход заўсёды знаходзіцца пад асаблівым кантролем. Таму ўсе дзеянні, звязаныя з дзяржаўнымі расходамі, трэба абгрунтоўваць у адпаведнасці з заканадаўствам. І гэта датычыцца ўсіх адказных асоб.

Сяргей НАСЕНЯ, пракурор Ганцавіцкага раёна.

К списку новостей

Полезные ссылки