Ганцевичский районный исполнительный комитет

Ганцевичский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Публикации в СМИ

Дзяржслужачы: гонар і адказнасць

16/02/2017 09:23

Кожны дзяржаўны служачы з’яўляецца ў сваёй асобе прадстаўніком улады і павінен дасканала асэнсоўваць не толькі аказаны яму давер, але і адказнасць за вырашэнне даручаных задач. Падатковая сістэма — аснова функцыянавання дзяржавы. Эфектыўная работа супрацоўнікаў падатковых органаў мае важнае значэнне для ўсіх без выключэння грамадзян.

Між іншым, ёсць шэраг праблемных пытанняў, якія былі выяўлены работнікамі пракуратуры летась ў рабоце падатковай інспекцыі па Ганцавіцкім раёне. Зразумела, што работа дзяржслужачых у невялічкіх раёнах мае свае асаблівасці — усе адзін аднаго ведаюць, людзі маюць цесныя сяброўскія і сваяцкія сувязі. І тым большая адказнасць ускладаецца на плечы прадстаўнікоў улады за строгае захоўванне заканадаўства.

Акцэнтуем увагу, найперш, на рабоце з асобамі, у якіх расходы значна перавышаюць даходы. У ходзе праверкі ў 2015 годзе былі выяўлены даволі сур’ёзныя недапрацоўкі ў гэтым плане.

Напрыклад, толькі па патрабаванні пракуратуры Ганцавіцкай падатковай інспекцыяй пачалася праверка адпаведнасці даходаў расходам аднаго з жыхароў горада, які ў 2013 і 2014 гадах набыў два легкавыя аўтамабілі агульным коштам 55 тысяч еўра. Прычым, у сваёй дэкларацыі мужчына ў якасці даходаў указаў заработную плату, пенсію і, увага, пазыку, атрыманую ад аднаго вядомага на Ганцаўшчыне чалавека на суму 450 мільёнаў рублёў!  Толькі вось дакументальных сведчанняў атрымання пазыкі так і не было прадстаўлена. У сваю чаргу падатковая інспекцыя абмежавалася толькі рукапісным тэкстам, у якім мужчына пацвердзіў, што ён пазычыў грошы. Больш таго, супрацоўнікаў інспекцыі ўвогуле не зацікавіў той факт, што чалавек пазычае буйную суму грошай і ў той жа час потым на працягу двух гадоў адкрывае магазін па продажы аўтамабільных запчастак і аўтасэрвіс, якія патрабавалі вялікіх фінансавых укладанняў.  І ніякіх дадатковых праверак не праводзіцца.

Аналагічная сітуацыя атрымалася і з жыхаркай вёскі Агарэвічы, якая, працуючы яшчэ ў СВК “Агарэвічы” і маючы гадавы даход у 2013 годзе каля 30 мільёнаў рублёў, набыла ў згаданым годзе аўтамабіль коштам 160 мільёнаў рублёў. Інспекцыя абмяжоўваецца атрыманнем ад жанчыны дакументаў, а менавіта, распісак, што ёй пазычылі грошы  двое грамадзян на агульную суму ў 195 мільёнаў рублёў. І, як аказалася, гэтых людзей таксама ніхто не праверыў у плане балансу даходаў і расходаў. Больш таго, падчас праверкі пракуратура высветліла, што жанчына, каб пазбегнуць даналічэння падаткаў, фіктыўна прадала аўтамабіль жыхару вёскі Любашава, які паведаміў, што грошы за аўтамабіль не плаціў і ніколі ім не карыстаўся. Аб фіктыўным афармленні куплі-продажу яго папрасіў сын жанчыны, у якога пачаліся праблемы. Па сутнасці, супрацоўнікі падатковай інспекцыі ў згаданых выпадках выконвалі свае абавязкі фіктыўна.

Дарэчы, фіктыўныя пазыкі, якія даюць грамадзяне адзін аднаму, самы распаўсюджаны спосаб спробы ўхілення ад падаткаў.

Таксама ў мінулым годзе пракуратурай раёна выяўлены факты неналежнага планавання праверачных мерапрыемстваў. У выніку гэтага супрацоўнікі падатковай інспекцыі рэгістравалі толькі адзінкавыя парушэнні індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а даналічэнне падаткаў і іншых плацяжоў у бюджэт увогуле не рабілася.

У той жа час варта са станоўчага боку адзначыць кіраўніцтва падатковай інспекцыі, якое выправіла сітуацыю і сёлета работа ў згаданых накірунках пастаўлена на належным узроўні. І хаця па выніках апошняй праверкі ўзніклі пытанні па выкананні патрабаванняў заканадаўства па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, але парушэнні не крытычныя і не носяць сістэматычны характар.

Ды і пракуратура ў сваёй нагляднай дзейнасці не ставіць задачу пакараць, галоўнае — прафілактыка і сумесная работа, якая дазваляе выправіць пэўныя ўпушчэнні і недахопы ў рабоце, а таксама не дапусціць карупцыйных праяўленняў і здзяйснення злачынстваў.

Дзяржслужачы: гонар і адказнасць

К списку новостей

Полезные ссылки